http://www.kalegium.org     e-mail: kalegium#brest.by    

Юры ГумянюкВольга Панасюк

 

29-31 мая 2003 г. у Пінску, Лунінцы і Мікашэвічах адбыліся другія па ліку Дні беларускай і шведскай паэзіі. Шырыцца геаграфія правядзення мерапрыемства, якое з’яўляецца культурным мастом паміж Беларуссю і Еўропай.
Падтрымка: ГА «Калегіум», гарадскі аддзел народнай адукацыі Пінскага гарвыканкома, пінская гарадская арганізацыя ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, www.vitryssland.nu (Стакгольм, Швецыя), Шведскі інстытут (Швецыя). Арганізатары: Часлава Дударава, Руслан Гагуа («Калегіум»), Марыя Сёдэрберг www.vitryssland.nu (Стакгольм, Швецыя), Вадзіма Жылко (“Лунінецкая муза”).
У зале Экалагічнага цэнтра, што месціцца ў Пінску, на вуліцы Добрай, гучалі выступы паэтаў і празаікаў: Інгі-Ліны Лунквіст (Швецыя), Алега Мінкіна (Літва), Евы Вежнавец (Мінск), Юрыя Гуменюка (Гродна), Міланы Юхнюк (Пінск), Руслана Гагуа (Пінск), сяброў паэтычнага клуба “Лунінецкая муза” (Лунінец). У поўным складзе ўдзельнікі літаратурных чытанняў наведалі гарады Лунінец і Мікашэвічы. На сустрэчах гасцей з мясцовымі аматарамі прыгожага пісьменства панавала атмасфера творчага суперажывання.
У межах Дзён беларускай і шведскай паэзіі адбылася прэзентацыя навукова-папулярнай кнігі “Швэды ў гісторыі Беларусі” беларускага гісторыка Андрэя Катлярчука, які зараз жыве ў Швецыі.
Адной з самых яркіх і эмацыйных акцый Дзён з'явіўся Кубак маладзёвай паэзіі. У журы конкурса бралі ўдзел педагогі, літаратары і журналісты. Пераможцай была названа Вольга Панасюк, выпускніца СШ № з вершам “Зіхоткім срэбрам рэчка калыхалася”. Па запрашэнні замежных сяброў і арганізатараў і па ўмовах конкурсу яна адправілася ў Швецыю.
27-29 верасня 2003 г. Вольга Панасюк і група сяброў ГА «Калегіум» наведалі шведскі горад Гётэборг, дзе адбывалася штогадовая міжнародная кніжная ярмарка (Bok o'Bibliotek 2003). Гэта буйная культурная падзея ў краіне, якая ўплывае на фарміраванне сацыяльна-культурнага і палітычнага клімату як у Швецыі, так і за яе межамі. Стэнд Vitryssland ("Беларусь") арганізоўвалі грамадскае аб'яднанне Association for the Support of Kalegium in Belarus, Шведскі Інстытут / Partnership for Culture и фонд Forum Syd. Вольга Панасюк актыўна ўдзельнічала ў працы стэнда.
Арганізатары Дзён беларускай і шведскай паэзіі спадзяюцца, што досвед удзелу ў творчых конкурсах карысны не толькі пераможцам, але ўсім, хто ў той ці іншай форме дачыняецца з мастацтвам.