|
|
| 27-28 мая 2004 г. у Пінску, у
памяшканні гарадскога Дома культуры, адбыліся чарговыя, трэція па
ліку, Дні беларускай і шведскай паэзіі. Падтрымку мерапрыемства
стваралі: “Калегіум”, Шведскі Інстытут, www.vitryssland.nu (Стакгольм,
Швецыя), аддзелы культуры і адукацыі пінскага гарвыканкама. Ганаровае прадстаўніцтва ў праграме – культурны аташэ пасольства Швецыі ў Расіі Ян Шадэк. Арганізатары: Часлава Дударава, Руслан Гагуа (“Калегіум”), Марыя Сёдэрберг Association for the Support of Kalegium in Belarus (Швецыя). Літаратурнае чытанне вершаў шведскіх паэтаў: Алена Іваннікава (Дзяржаўны драматычны тэатр імя Янкі Купалы, Мінск), сцэны з пьесы Зм. Плакса “Барух-Эмануэль”: Аляксандр Малчанаў (Дзяржаўны драматычны тэатр імя Янкі Купалы, Мінск). Жывая музыка: Юры Дубнавіцкі і навучэнцы Пінскай музычнай школы. Інфармацыйная падтрымка: радыё «Свабода». У літаратурных чытаннях бралі ўдзел шведскія госці: Арнэ Ёнсан і Мары Лунквіст. Пятро Васючэнка (гумарыстычная паэзія і проза), Андрэй Хадановіч (вершы і бардаўская песня), Святлана Курс (проза і літаратурная крытыка), Вальжына Морт (вершы), Юры Чарнякевіч (вершы) (Беларусь). Асаблівую цікавасць выклікаў Кубак маладзёвай паэзіі, конкурс для паэтаў-пачаткоўцаў. У журы ўваходзілі літаратары, журналісты і педагогі. Дваццаць восем навучэнцаў пінскіх сярэдніх школ, гімназій і каледжаў ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў узялі ўдзел у першым туры Кубка. У другі тур прайшло дзесяць фіналістак-дзяўчат. Аўтары, чые творы атрымалі найбольшую колькасць балаў, былі ўзнагароджаныя каштоўнымі памятнымі прызамі. Яўгенія Гетманчук, навучэнка гімназіі №3 была названая пераможцай Кубка маладзёвай паэзіі і атрымала самую галоўную ўзнагароду – паездку ў Швецыю. У жніўні 2004 г. Яўгенія наведала Стакгольм. Візіт юнай паэтэсы ўключаў экскурсіі па гісторыка-культурных месцах шведскай сталіцы, выступ у Саюзе пісьменнікаў Швецыі. Дні беларускай і шведскай паэзіі ў Пінску робяцца значнай культурнай падзеяй ў жыцці не толькі горада, але і цэлага рэгіёну. “Калегіум” мяркуе развіваць і пашыраць традыцыю іх правядзення. |